Барунскія вершы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Барунскія святочныя маналогі — беларускія вершы сярэдзіны XVIII ст. з рукапісу базыльянскага манастыра ў Барунах (каля Ашмян).

Рукапісы пакінуў манах-базыльянін Нікадзім Грыневіч. Невядома, хто спісаў вершы. Гэта камічныя маналогі, іх прамаўляюць персанажы-калядоўшчыкі — стралец, селянін, кухта, купец рыбы, слуга татарскі і іншыя. Толькі словы Стральца звязаны не з Калядамі, а з Вялікаднем, бо ён просіць валачобнага. Побач з беларускімі вершамі ёсць польскія, прысвечаныя тром каралям і пастухам. Мусібыць, усё было часткаю школьнага каляднага паказу, дзе вучні-акцёры чаргавалі жартоўныя прамовы-інтэрмедыі з тэматычнымі пабожнымі вершамі. Усе вершы запісаны лацінкай. Загалоўкі, імёны вучняў, пазнакі на палях — кірыліцай. Даты кірылічныя. 17511752 : ҂аѱна, ҂аѱнв. Некаторыя закрэслены, бо вершы ў розныя гады чыталі розныя хлопцы. Згаданы Смаргоні, Крэва. Імёны: Антос Закревскі, Томаш Закревскі, Маліновскі, Мілаше[в]скі, Сымонко. Мова беларуская, толькі двойчы стаіць польскі канчатак у дзеясловах прошлага часу. Трапляюцца словы з украінскім (ці беларускім заходнепалескім) вымаўленнем.

Вершы адкрыў і апублікаваў Антон Францішак Брыль, пры ўдзеле Дз. Лісейчыкава і В. Мартысюка (2020 год).

Адзін з вершаў у сучасным запісе:

СТРАЛЕЦ (1752)
Хапаю маўчаць, гаварыць не смею,
Што я за чалавек і што я умею.
Ў слаўнам месце Шмаргонях калісь-то учыўся,
А што умеў — у том нігды не памыліўся.
Білі там мяне часта, палажыўшы на сталец,
От з мяне мудры учыніўся стралец.
Зараз купілэм сабе жалізны пісталеты
І два старасвецкі набылэм мушкеты,
Немаль на сажань была ручніца,
Каваная з спіжу адна гакаўніца,
Такжа дастаўся мне карабінішча,
А таго уцякаючы згубіў цыганішча.
Але найлепей я тагды страляю,
Ат калі трохі сабе падгуляю.
Як вып’ю піва хоць адну шкляніцу -
Зараз у рукі хапаю ручніцу.
Калі гарэлкаю змочыцца чупрына,
Тагды ся моцна дзяржу карабіна.
Скора мяне людзі просяць на банкет -
Ўнэт я на плечы укладаю мушкет.
Але пры святах от тую пташыну,
Кулі і глёты гдзе-кольвек пакіну
Не буду болей з аружжа страляць -
Волю па людзях валачэбнага прахаць.
Дайце што-кольвек мне цяпер у рукі -
Буду вам рубаць я дрова на штукі

Арыгінальны пачатак:

҂АѱнВ СТРѢЛЕЦЪ Сымонко

Chopaju mołczać howoryc niesmiej[u]
Szto ja za czołowiek y sto ja umieju
W sławnom mesci Szmorgoniax kolis to uczyłsia
A szto umieł u tom nigdy niepomyliłsia

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антон Брыль. Барунскія святочныя маналогі: беларускія вершы сярэдзіны XVIII ст. у Базыльянскім рукапісе // Роднае слова № 3, 2020