Перайсці да зместу

DVD

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Параўнальныя памеры: 12-сантыметровы DVD-RW побач з 19-сантыметровым алоўкам.
Тып носьбіта аптычны дыск
Фармат кантэнту розны
Ёмістасць 4.7 ГБ (аднабаковы аднаслаёвы – агульнапрыняты)
8.5–8.7 ГБ (аднабаковы двухслаёвы )
9.4 ГБ (двухбаковы аднаслаёвы )
17.08 ГБ (двухбаковы двухслаёвы – рэдкасць)
Счытвальны механізм лазер, даўжыня хвалі 650 нм (чырвоны), 10.5 Мбіт/c (1×)
Запісвальны механізм 10.5 Мбіт/c (1×)
Міжнародны стандарт DVD Forum DVD Books
Распрацаваны Sony, Philips, Toshiba, Panasonic
Памер дыяметр 120 мм, таўшчыня 1,2 мм
Маса ~15,7 г
Ужыванне захоўванне аўдыё, відэа і даных
Год выпуску 1996

DVD (дзі-ві-дзі, англ.: Digital Versatile Disc — лічбавы шматмэтавы дыск; таксама англ.: Digital Video Disc — лічбавы відэа-дыск) — фармат аптычнага дыска, распрацаваны ў 1995 годзе і ўпершыню выпушчаны на рынак у Японіі ў лістападзе 1996 года. Мае такія ж фізічныя памеры, як і кампакт-дыск, але больш шчыльную структуру працоўнай паверхні, што дазваляе захоўваць і счытваць большы аб’ём інфармацыі за кошт выкарыстання лазера з меншай даўжынёй хвалі і лінзы з большай лікавай апертурай. Стандартны DVD з адным слоем запісу можа захоўваць да 4.7 ГБ даных, двухслаёвы DVD — да 8.5 ГБ, двухслаёвы двухбаковы — да 17.08 ГБ.

Першыя дыскі і прайгравальнікі DVD з’явіліся ў лістападзе 1996 года ў Японіі, і ў сакавіку 1997 года ў ЗША і краінах СНД.

Напачатку 1990-х гадоў распрацоўваліся два стандарты для аптычных інфармацыйных носьбітаў высокай шчыльнасці. Адзін з іх зваўся Multimedia Compact Disc (MMCD) і распрацоўваўся кампаніямі Philips і Sony, другі — Super Disc — падтрымлівалі 8 буйных карпарацый, у ліку якіх былі Toshiba і Time Warner. Пазней высілкі распрацоўшчыкаў стандартаў былі аб’яднаны пад кіраўніцтвам IBM, якая не жадала паўтору вайны фарматаў, як было са стандартамі касет VHS і Betamax у 1970-х. Афіцыйна DVD быў анансаваны ў верасні 1995 года, тады ж была апублікавана першая версія спецыфікацый DVD. Змены і дапаўненні ў спецыфікацыі ўносіла арганізацыя DVD Forum (раней вядомая як DVD Consortium).

DVD паступова замяніў відэакасеты як сродак распаўсюджвання фільмаў. Ужо ў 2001 годзе продажы DVD-прайгравальнікаў пераўзышлі продажы відэамагнітафонаў у ЗША.[1] Станам на 2007 год 80 % амерыканцаў валодалі DVD-прайгравальнікамі.[2]

Першы прывад, які падтрымліваў запіс DVD-R, быў выпушчаны Pioneer у кастрычніку 1997 года. Кошт гэтага прывада, які падтрымліваў спецыфікацыю DVD-R версіі 1.0, складаў 17 000 дал. ЗША. Чыстыя дыскі аб’ёмам 3,95 ГБ каштавалі па 50 дал. ЗША.

У 2006 годзе на замену DVD былі выпушчаныя два новыя фарматы аптычных дыскаў пад назвай HD DVD і Blu-ray Disc.

Першапачаткова назва DVD расшыфроўвалася як Digital Video Disc (лічбавы відэа-дыск), паколькі гэты фармат першапачаткова распрацоўваўся як замена відэакасетам. Пазней, калі стала ясна, што носьбіт падыходзіць і для захоўвання адвольнай інфармацыі, многія сталі расшыфроўваць DVD як Digital Versatile Disc (лічбавы шматмэтавы дыск). Кампанія Toshiba, якая кіравала афіцыйным сайтам арганізацыі DVD Forum, выкарыстоўвала Digital Versatile Disc, аднак афіцыйна DVD ніяк не расшыфроўваецца.

  1. "DVD sales top VHS sales for first time". San Jose Business Journal. January 9, 2002. Архівавана з арыгінала January 21, 2022. Праверана May 15, 2022.
  2. Rubin, Ross. Tech on Deck: The Decline of the DVD Player. ABC News (5 лістапада 2007). Архівавана з першакрыніцы May 15, 2022. Праверана May 15, 2022.
  • Jim Taylor. DVD Demystified. McGraw-Hill Professional. ISBN 0-07-135026-8 (2nd ed., December 22, 2000)
  • Ralph Labarge. DVD Authoring and Production. CMP Books. ISBN 1-57820-082-2 (August 2001)